ЛЕДАВІКО́ВЫЯ АДКЛА́ДЫ,

геалагічныя адклады, што ўзніклі ў выніку дзейнасці ледавіка і яго расталых вод на сушы. Падзяляюцца на ўласна ледавіковыя (гл. Марэна), флювіягляцыяльныя, лімнагляцыяльныя адклады. Л.а. лічыцца і абломкавы матэрыял, перанесены айсбергамі і адкладзены ў моры (ледавікова-марскія ці марынагляцыяльныя адклады). Флювіягляцыяльныя адклады ўтварыліся ў працэсе перамыву марэн і марэназмяшчальных пластоў ільду расталымі ледавіковымі водамі. Гэта пяскі, часта буйназярністыя, са жвірам і галькай. У месцах, дзе такі перамыў адбываўся ва ўмовах гідрастатычнага ціску, узнікалі магутныя пясчана-жвіровыя акумуляцыі з дамешкамі валунна-галечнай сумесі. Флювіягляцыяльныя адклады складаюць водна-ледавіковыя раўніны, зандры, озы, камы. Лімнагляцыяльныя адклады (стужачныя гліны, супескі, суглінкі, тонка- і дробназярністыя пяскі) сфарміраваліся ў прыледавіковых азёрах, у надледавіковых і ўнутрыледавіковых вадаёмах, а таксама ў адкрытых ледавіковых лагчынах. Беларусь — тыповая вобласць акумуляцыі Л.а. З Л.а. звязаны радовішчы цагельнай сыравіны, буд. пяскоў, жвіру, галькі, валуноў, падземных вод. Гл. таксама Ледавіковы комплекс.

А.Ф.Санько.

т. 9, с. 185

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)